ЧЫРВОНАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1942,

бой партызанскага атрада В.​А.​Васільева па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Чырвоная Слабада 31 кастрычніка ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон (больш за 130 чал.) быў добра ўзброены. 30 кастр. атрад выйшаў з Арлікоўскага лесу і ноччу заняў зыходныя пазіцыі. 3 узводы партызан перакрылі дарогі на г.п. Старобін, г. Слуцк і в. Семежава, перарэзалі тэлеф. сувязь. У 4 гадз раніцы штурмавыя групы партызан атакавалі будынкі з асн. сіламі праціўніка і пасля амаль 5-гадзіннага бою вызвалілі з турмы зняволеных, спалілі будынкі жандармерыі, паліцэйскай аховы, раённай управы і інш. дамы фаш. адміністрацыі, склады з правіянтам, млын, лесапільню, электрастанцыю; захапілі шмат боепрыпасаў, грузавую машыну, матацыкл, 4 радыёпрыёмнікі, 2 пішучыя машынкі, вял. колькасць прадуктаў і дакументаў. У выніку акупацыйныя службы пакінулі Чырвоную Слабаду і не аднавілі ў ёй гарнізон.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 17, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)